ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,

дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром І (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр І вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр І з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр І правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)